«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі» Адвакатка Наталля Мацкевіч распавяла пра катаванні палітзняволенага Мікалая Дзядка:«Мікола не быў зламаны, але ён быў рэальна разбіты, пабіты. Кроў з яго не цякла, але і рукі, і твар былі ў слядах ад пабіцця. Ён нават сам не чакаў, што з ім могуць абыходзіцца так брутальна. Гэта была цэлая ноч біцця і пагрозаў. Потым ён расказваў пра гэта ў судзе. Ён сказаў мне: «Зрабіце нешта, каб гэта больш не паўтарылася». Наколькі я ведаю, у той перыяд гэта не паўтарылася — спадзяюся, што і цяпер не.Яго білі, каб атрымаць паролі ад цвёрдага дыску. Але магчыма, што білі проста, каб прыгнесці ягоную волю і ў нечым адпомсціць. Бо можна ж было не біць спачатку і пытацца потым. Мы ведаем, што пры затрыманні яму насоўвалі на галаву падушку, распылялі слёзатачывы газ у твар і зачынялі яго ў кладоўцы, куды распылялі газ, білі рукамі і нагамі. Потым у будынку ГУБАЗіК яго білі да самага ранку, прышпільвалі наручнікамі, пагражалі».